07.02.2012

(с) Анатоль Вярцінскі

     Маўчанне

фатаздымак Пашкінага змея, апрацаваны)
Маўчанне бывае рознае.
Адны маўчаць таму,
што вельмі асцярожныя, —
баяцца розных табу.
Маўчанне бывае рознае.
Маўчаць занадта цвярозыя.
Скептыкі маўчаць:
«Ну што карысці крычаць?»
Маўчаць і абыякавыя —
твары масляна-лакавыя.
Што ім да таго,
да болю майго і твайго?
Есць маўчуны — аматары
смеласці чужой.
Развесяць свае лакатары:
«Ой, як цікава, ой!»
Маўчанне бывае рознае.
Яшчэ ёсць маўчанне грознае.
Маўчыць чалавек, трывае,
маўчыць, як і побач маўчаць.
I раптам рашуча зрывае
з вуснаў сваіх пячаць.
I раптам сябе ўзрывае:
«Я больш не магу маўчаць!»
і скажа такое адчайнае...
Калі ўжо і маўчаць —
дык я за такое маўчанне

Комментариев нет: