05.01.2012

“Нават памерці не даюць” – з усмешкай скардзіцца бабуля Стэфа з Дома састарэлых у Гарадку

 
    
    Многія сучаныя навукоўцы шукаюць сакрэты вечнай маладосці і
бессмяротнага жыцця. Але як гэта, жыць вечна? І ці будзе яна, радасць
ад гэтага жыцця? Адказ на гэтае пытанне я вырашыла пашукаць ў доме
састарэлых ў вёсцы Гарадок Валожынскага раёна.

     Дом састарэлых размешчаны на другім паверсе мясцовай паліклінікі,
якая знаходзіцца на ўскраіне вёскі.  Адразу пры ўваходзе - пост
медсястры, каля акна канапа і тэлевізар. Управа і ўлева цягнецца
светлы калідор, у якім праз аднолькавую адлегласць - карычневыя
дзверы ў пакоі.
     Прытулак быў адкрыты ў 2004 годзе. Цяпер тут жыве 24 старыя чалавекі. Большасць з жыхароў дома маюць за плячыма доўгае жыццё,
сярэдні ўзрост – 85 год. Ёсць некалькі доўгажыхароў, якім ўжо
споўнілася 90 і больш. Нехта жыве два гады, нехта тры, а ёсць і
такія, хто з самага пачатку працы дома.
    Тут жывуць людзі сталага ўзросту, паклапаціцца пра якіх няма каму.
Калі яны не маюць родных і дзяцей, ці калі дзеці самі ўжо на
заслужаным адпачынку. Безумоўна, усе старыя маюць праблемы са
здароўем. Амаль усе рухаюцца з дапамогай кіёчкаў, ці падтрымкай іншых.
Ёсць паралізаваныя, таксама ёсць людзі, якія зусім не бачаць. У
тумбачцы кожнага старога можна ўбачыць невялікі склад неабходных
таблетак і кропляў, якія прызначыў лекар.
    За рэгулярнасцю прыёму лекаў сочаць мядсёстры. Яны ж і даглядаюць
гэтых людзей, дапамагаюць ім санітаркі. Усяго ў штаце 4 медсястры, 7
санітарак, кухар і раздатчыца ежы.
-- Вельмі добрыя сястрычкі за намі ходзяць. Заўсёды ветлівыя, шчырыя, добрыя… Па любой патрэбе, па першаму клічу прылятаюць. Нават памерці не даюць, -- з усмешкай распавядае бабуля Стэфа сваю гісторыю, -- мяне ўжо раз з таго свету забіралі. Думала, што ўсё ўжо, ды не, як усадзілі мне ўкол, дык адразу ў разум вярнулася. Няйначай як да ста гадоў жыць будзем.
    У працу медперсанала ўваходзіць шмат абавязкаў. Кожнае сняданне, кожны абед і вячэру яны прыносяць у палату, пры любым пытанні ці просьбе адразу прыходзяць каб дапамагчы. Таксама кожны аўторак праходзяць ванныя
працэдуры, змена адзежы, бялізны на ложках. Кожны ранак можна памыць
твар і рукі з дапамогай санітаркі. У дадатак яшчэ клопат пра ляжачых
хворых і праца з імі.
    Акрамя няспыннага дагляду ў прытулку створаны ўсе ўмовы для
нармальнага бесклапотнага жыцця старому чалавеку. Вялікія цёплыя пакоі
для чатырох чалавек, вялікія вокны-шклопакеты, магчымасць
тэлефанаваць, чытаць, глядзець тэлевізар… Канешне ж, для тых, хто яшчэ
можа гэтым займацца. Каля самай паліклінікі знаходзіцца бібліятэка, у
якой часта бяруць чытаць кнігі ці часопісы для старых. У любы час
можна запрасіць праз медсястру святара для споведзі ці размовы, чым
часта і карыстаюцца старыя.
Гэты прытулак знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, але мае
таксама падтрымку з боку розных арганізацый. На Новы год ад сацыяльнай
службы прыязжаюць Дзед Мароз з Снягурачкай, прывозяць віншаванні і  падарункі. Абавязкова адзначаецца дзень састарэлых людзей -- 1 кастрычніка. У
гэты годзе, перад самым Новым годам, спонсар з Маладэчна, сумесна з арганізацыяй Чырвонага Крыжа  падараваў старым тэлевізар. Пад вечар каб паглядзець і паслухаць яго,  многія з “выхаванцаў” збіраюцца разам.
    Безумоўна, працаваць у такім месцы складана.
    -- Старыя людзі яны ж як дзеці – падзялілася са мной медсястра  Святлана Цялюк. – І ўсе яны патрабуюць да сябе ўвагі. А як яе захапіць? І яны пачынаюць
ісці на ўсялякія хітрыкі. Тут трэба ўжо быць пільным. Для таго, каб
кожнаму ўдзяліць патрэбную ўвагу, каб зразумець каму сапраўды патрэбна
дапамога ў дадзены момант, трэба быць яшчэ і добрым псіхолагам. На
дадзены момант, недахопу ў працоўных рук няма, працаваць ад гэтага
прасцей.
    Пасяліцца сюды старому чалавеку не цяжка, дастаткова  сабраць
неабходныя даведкі. Кошт “жыцця” у доме састарэлых – 85 адсоткаў ад
пенсіі, незалежна ад яе памеру. Астатнія грошы цалкам аддаюцца
чалавеку. Напрыклад, калі пенсія старога чалавека складае 800000 тысяч, то 680000 пойдзе дзяржаве, а 120000 – на ўласныя расходы.
   Наведвальнікі могуць прыязжаць у любы час дня, ніякіх забарон ці
крытэраў няма. Наадварот, самі мядсёстры радуюцца, калі да іх
падапечных прыязжаюць родныя. А як радуюцца самі старыя, напэўна, не
трэба казаць, гэта і так зразумела. Але не ўсім выпадае такая радасць.
Ёсць тыя, да каго прыязжаюць часта, прывозяць прысмакі і сваю ўвагу, а
ёсць і такія, каго прывёзшы, пакінулі і забыліся.
    -- Той бабці, -- кіўнула мне позіркам бабуля Надзя на жанчыну, якая сядзела сагнуўшыся на суседнім ложку і не прымала ўдзелу ў размове, -- тэлефон дачка прывезла. Цяпер і днём, і ноччу размаўляюць. Таксама муж яе тут жыве. Яму зрабілі аперацыю на вочы, а яна не дапамагла і ён зусім саслеп. У іншым пакоі жыве, з мужчынамі. А яна ходзіць да яго часта, вунь кіёчак стаіць. Пасядзіць там, пагаворыць, пасля зноў вернецца… Добра ім, да самай смерці разам будуць.

Комментариев нет: