Калі цікава, то нататнік актыўна выкарыстоўваўся ў перыяд ад канца верасня да пачатку/сярэдзіны кастрычніка. Пад запісамі дакладнай даты няма.
1.
"Забіць на ўсё на свеце.
І на ўсіх.
Дзеля прышпілу, можна
пакінуць некаторыя рэчы: выпадковага знаёмага, бацькоў, вучобу. Насіцца ля знаёмага, дапамагаць і падтрымліваць. Тэлефанаваць бацькам і казаць як усё крута, файна і шыкоўна.
Смяяцца разам з іншымі людзьмі. Рабіць выгляд што жывеш, старанна вучыць усё семінары-канспекты і... паціху паміраць. Знутры. Дашчэнту.
Чаму?
Пытанне вырываецца і разлятаецца на шматкі ў прасторы. Чаму ўсё так? Асноўная прычына ўсіх загонаў - хаваецца ў галаве. Немагчымасць прыняць сябе сапраўдную, бо проста забылася, якая ж гэта насамрэч. Тысячы масак. І часам хочацца плакаць."
2.
"Выключыць ноўт. Схадзіць умыцца, вярнуцца, расцяліць ложак. Сесці, і зразумець што ўсё адно хочацца ўключыць усё зноўку і зайсці ў сеціва. Націснуць гэтую кнопачку "Подключіться", звыклым рухам мышкі абраць "Мазіла Файрворкс", пачакаць пакуль адкрыецца браўзэр. Абавязкова першым чынам адкрыць пошту. Ну а раптам штосьці змянілася, або хтосьці пра мяне ўзгадаў?.. Наступная старонка - "Ўкантакце". Можна, дзеля прышпілу, адначасова яшчэ і "ўсетцы" адкрыць. Там жыве толькі адзін чалавек, але час ад часу і ён дае аб сабе звесткі. Праўда, яго там 100% няма ў гэткі час. Усё ж асноўная рэч "Кантакт". Хвароба і радасць, слёзы і смех. Пустыя і лагічныя паведамленні, безліч смайлаў і бясконцыя прывітанні. Зайсці і ўбачыць што паведамленняў няма. Ну то бок як няма... Іх можа быць 2, 5, або нават 50. Але самага чаканага - няма. А астатнія... ну, няхай павісяць, пасля й на іх адказаць можна будзе. Калі будзе настрой і гумар. Пазней, карацей. Зноўку сыйсці не развітваючыся ні з кім. Пагартаць навіны, зайсці ў твітэр ці на блог. Выключыцб ноўт і легчы спаць, бо гадзіна ночы, як-ніяк...
Не, не хачу. Усё адно ведаб што невядомага але важнага паведамлення няма. Ну вось такі паршывы рэалізм, мой асабісты, персанальны. А разз так, то чаго дарма катаваць машыну? Зайду з раніцы... а раптам?"