Але пры жаданьні ўсё больш чым магчыма. А вандраваць можна… і трэба.
Пра паездку ў чароўныя Кушляны я марыла ўжо год. Пасьля знаёмства з Содалем на “Ракуцёўскім леце - 2011” і яго кніжкай “Благаславёныя Кушляны” было адназначна вырашана - еду. Вось толькі ніяк не выпадала знайсьці час, аднадумцаў, і набрацца сіл для рашучых дзеяньняў
Адсьвяткавалі “Ракуцёўскае лета - 2012” у нядзелю 29 ліпеня, і роўна празь нядзелю, 5 жніўня, мая мара пабываць у славутым месцы спраўдзілася.
Ехаць вырашылі, мабыць, таго ж 29. Неяк за тыдзень вызначыліся з тымі, хто едзе дакладна, і вось, у суботу, апошнія штрыхі – абіраем як ехаць, праз што і на колькі.
Кушляны адметныя тым, што проста так туды не трапіш. Паглядзеўшы гугл-мапу, іх лёгка знайсьці: быццам бы недалёка ад Смаргоні, 20 км, і зусім блізка да Солаў, км 7-10. З аўтобусамі складанасьць поўная. Чамусьці Смаргоньскі на 14.05 па нядзелях ня езьдзіць, і таму толькі адзін – на 7 гадзін раніцы. Расклад аўтобусаў з Солаў у сеціве не знайшоўся, званіць таксама ніхто не стаў. Вырашылі, што даедзем на дызеле Маладэчна – Гудагай да Солаў, час адпраўленьня 8.56 і далей будзем або пешшу або аўтастопіць. Тым больш, што мясцовыя жыхары, зь якімі атрымалася размаўляць празь сеціва, сказалі, што аўтамабільны рух у іх нармалёвы і ўвогуле добры.
Раніцай у нядзельку ўжо ў 8.00 гадзін сабраліся на чыгуначным у Маладэчна. Дызель аказаўся даволі ўтульным і не шматлюдным. У Смаргоні сустрэлі Уладзя і ледзь не праспалі прыпынак Солы, бо яго аб’явілі даволі пазнавата.
Прыгожы, пабудаваны ў 1915 (хутка ўжо й юбілей) храм сустрэў сьпевам на польскай мове. Ну, ня зьдзіўлена – гродзеншчына ўсё ж. На лаўках – пераважна людзі сталага ўзросту, моладзі я асабліва не пабачыла. Высокая столя і сьцены размаляваны сцэнамі з Бібліі, шмат бакавых алтароў, вялікі й магутны арган на другім паверсе над уваходам і амбона, з якой у ранейшыя часы прамаўляў сьвятар калі было шмат людзей, у выглядзе карабля. Кінулася ў вочы тое, што ня вельмі шмат абразоў, толькі бліжэй да галоўнага алтара некалькі. А так толькі маляваныя карціны на сьценах ды стацыі крыжовага шляху.
Адна з парафіянак празь нейкі час падыйшла й сказала каб не саромеліся, падыйшлі да галоўнага алтара паглядзелі і ўвогуле фатаграфавалі ўсё вольна і не баючыся. Ну, мы так і зрабілі.
Пасьля наведваньня касьцёла зайшліся ў краму і рушылі ў напрамку Кушлянаў, як нам паказалі мясцовыя жыхары. Прайшлі чыгуначны й крыху загрузіліся. Справа ў тым, што праз чыгуначны пераезд ідзе разьвілка. Пайшлі налева, добра што спыталіся ці правільны напрамак, бо аказалася што трэба было ісьці прама.
Вельмі бадзёры настрой калі ідзеш, насамрэч. Усяго нас сабралася ехаць 4 чалавека, гэта не мала і не шмат, самае тое.
Хараство навакольля таго краю проста зачароўвае. Незвычайныя краявіды вольнага прастору, палі й лугі да самага гарызонту, на якім цёмнай стужкай цямнее лес. Заўважна, што край не асабліва заселены людзьмі, бо й сьмецця амаль няма, малавата машын, ды й вёсачкі пападаюцца нячаста. Блакітнае неба, з разнастайнымі бялюткімі хмаркамі, вясёлае сонейка, якое часам хавалася, каб даць нам адпачыць ад сьпёкі, шыкоўныя краявіды – гэта ўсё не проста клікала ў шлях, але й надавала сілы ісьці бадзёра.
Крыху блытаніца здарылася й з кілямэтражам. Навыхадзе з Солаў мужчына, у якога ўдакладнялі шлях, запэўніў, што да Кушлянаў 5 км. А пасьля аказалася, што праўда. Да аграгарадка Кушляны каля пяці. Але ж нам трэба нааашмат далей! А далей ідуць Кушляны 2, гэдак кілямятра праз 2-3, ад якіх яшчэ з кіламетра 2 трэба прайсьці да самога музея.
Але любая дарога мае заканчэньне. Нарэшце і мы дайшлі да варотаў Кушлянскай сядзібы, любага некалі месца Францішка Багушэвіча, вядомага сьвету яшчэ як Мацея Бурачка ды Сымона Рэўкі з-пад Барысава. Зьлёгку прысутнічае хваляваньне. Вось, тут! Гэта тое самае месца дзе жыў САМ Багушэвіч! Ведаеце, усё ж адчуваецца нешта таямнічае, старадаўняе ў сядзібе паэта. У магутных старых дрэвах у жураўлі і ў агромным сьвіране. Нечым прывабным і таямнічым напоўненна й сама сядзіба. Вялікія пакоі, рукапісы і, вядома, сьцяг з зброяй упэўніваюць, што ты тут не дарма. Што гэты шлях, ён таго варты, і варты таго, каб яго яшчэ не раз паўтарыць. Цяплынёй і ўспамінамі вее ад Багушэвічавай каплічкі, ля якой, як вядома, падчас паўстаньня 1863-1864 года часта спыняліся й прасілі ў Бога падтрымкі і перамогі паўстанцы. Гэтак і ля багушэвічавага камня, і на старажытным капішчы…
Гэтае падарожжа было таго вартае. Вартае спаленнай на сонцы скуры, вартае пройдзенный кілямэтраў. Здзьўляюся, якія ж шчырыя людзі гродзеньскай вобласьці! Калі Юрась і Уладзь пайшлі набраць вады ў першым доме, ім ветліва налілі халаднючай вады з калодзежу, і яшчэ запыталі хто мы й адкуль, прыняўшы за пілігрымаў.
Дарога назад здалася нашмат карацейшай і была пройдзена хутчэй. Пра аўтаспын мы амаль што й забыліся, адзіны аўтобус, які паспрабавалі спыніць, з вясёлым сьвістам праехаў міма нас. Хоць і ехаў усяго з адным чалавекам у салоне. Але наўрад ці штосьці засумаваў з гэтай нагоды, бо ісьці разам нашмат весялей, і бачыць прыгажосць навакольля лепей сваімі вачыма ідучы, чым з вакна аўтамабіля.
Прыкладна за дзьве гадзіны мы пасьпяхова дайшлі да чыгуначнага вакзалу, і пасьпелі на дызель на 16.13 да Маладэчна, паабяцаўшы сабе што яшчэ сюды мы некалі ды вернемся.
Уражаньні засталіся неабдымныя. Шыкоўны атрымаўся дзень, і я шчыра дзякую ўсім хто быў побач, Юрасю, Уладзю, Владу. Шчыра спадзяюся што вам насамрэч спадабалася =)
Усе фота можна паглядзець ТУТАКА
Уражаньні засталіся неабдымныя. Шыкоўны атрымаўся дзень, і я шчыра дзякую ўсім хто быў побач, Юрасю, Уладзю, Владу. Шчыра спадзяюся што вам насамрэч спадабалася =)
Усе фота можна паглядзець ТУТАКА
Комментариев нет:
Отправить комментарий